КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),

архіпелаг у зах. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс. чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)